Акцыя «Чытаем Купалу разам» прайшла ў Купалаўскім універсітэце
08.07.2025
Янка Купала – класік сусветнай і беларускай літаратуры.
Чытанне вершаў песняра, імя якога носіць наш універсітэт, традыцыйна прымеркавалі да дня яго нараджэння. Удзел у акцыі прынялі не толькі купалаўцы, але жыхары і госці горада.
Ужо 9 раз у рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта «Жывая гісторыя» ля ўвахода ў гістарычную частку ўніверсітэта, дзе раней знаходзілася Гродзенская жаночая Марыінская гімназія, усе жадаючыя змаглі далучыцца да “адкрытага мікрафона” і прачытаць любімыя радкі з вершаў паэта.
Да ўдзелу ў творчым флэшмобе далучыліся студэнты-купалаўцы, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, а таксама жыхары і госці горада. Да аматараў слова анлайн далучылася і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Аўстрыі. У дапамогу ўдзельнікам – стэнд са зборнікамі вершаў паэта. Ірына Фёдараўна адзначыла, што вялікі гонар для ўніверсітэта насіць імя песняра зямлі беларускай. Для дэкламацыі рэктар выбрала верш “Прывітанне”.
– Гэта той верш, які напоўнены пазітывам, сэнсам, жыццём, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Янка Купала – класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Выступаў як паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Сёння памяць аб славутым песняры зямлі беларускай захоўваюць бібліятэкі, тэатры і музеі, але асабліва ганарова, што імя Янкі Купалы носіць наш універсітэт.
ГрГУ